Дзяўчына, якая адзначыла дзень нараджэння прыборкай: "Якую асалоду ад прыроды ты можаш атрымаць, калі вакол валяюцца бутэлькі і іншае смецце?"
Прыборка смецця – справа няпростая, але яе можна ператварыць у сапраўднае свята. Менавіта так паступіла Наталля Турко, якая вырашыла акцыяй па ўборцы адзначыць свой дзень нараджэння, запрасіўшы далучыцца сваіх знаёмых і калег.
Наталля Турко
– Ніколі не любіла свой дзень нараджэння, – прызнаецца дзяўчына. – Прыходзяць мае родныя, сябры, усе мяне за штосьці хваляць, захапляюцца мною, штосьці жадаюць... Разумею, што шчыра. Але ж я лічу, што гэта больш свята маёй мамы: яна нарадзіла, яна гэтага хацела... З майго боку не было прыкладзела ніякіх намаганняў.

Аднак, каб маме не было сорамна за дачку, Наталля стараецца быць годным чалавекам і прыносіць карысць чалавецтву і наваколлю.

Інтарэс да экалогіі, прызнаецца дзяўчына, быў заўсёды. Яшчэ ў перыяд паступлення яна аддавала перавагу Міжнароднаму дзяржаўнаму экалагічнаму інстытуту ім. А. Д. Сахарава, першым сайтам для наведвання ў свой час быў рэсурс Greenpeace, у паходах першай справай Наталля намагалася арганізаваць збор смецця, каб пакінуць пасля сябе чыстым месца стаянкі. І нягледзячы на тое, што творчы пачатак узяў верх і сёння Наталля працуе дзіцячым аніматарам, яна ўсё роўна застаецца прынцыповай экалагісткай.
Падарыце мне пакет са смеццем
Па словах дзяўчыны, ідэя зарганізаваць уборку на свой дзень нараджэння з'явілася спантанна. Ці то хацелася пазбегнуць банальнасці, ці то ўсё ж, жаданне зрабіць штосьці карыснае для наваколля зноў перамагло.

– Калі я сказала маме пра свае планы, адзінае, што ад яе пачула ''Гэта наша Наташа!'', – кажа яна. – Бацькі выдатна ведаюць мяне і адгаворваць не сталі.

Неабыякавым да планаў аказаўся і муж Наталлі, ён быў адным з першых, хто падтрымаў яе і пагадзіўся прыняць актыўны ўдзел ва ўборцы.
Аднак прапанаваць сябрам было страшна, прызнаецца яна. Нягледзячы на тое, што Наталля нікому не навязвае свой вобраз жыцця, часам камунікаваць з людзьмі на экалагічныя тэмы бывае цяжка.

– Людзі не любяць, калі іх чапаюць, нават з правільнымі рэчамі... Часцей яны ўспрымаюць спробы асветы ці разважання як нападкі на іх, – дзеліцца дзяўчына.

Таму перш на перш яна прапанавала паўдзельнічаць у незвычайнай дзеі сваёй лепшай сяброўцы і блізкай каляжанцы.

– Сяброўка аж пішчала ад радасці. Не так даўно яна была на Балі і якраз бачыла колькі вакол смецця і што ніхто яго не прыбірае. Расказвала, як увесь час, пакуль яны сплаўляліся, адзіным жаданнем была ўборка. На жаль, у свядомасці мясцовых людзей там такога няма: ці то культура і стаўленне іншыя, ці то я чагосьці не ведаю, – распавядае Наталля. – Па вяртанні на радзіму у сяброўкі быў імпэт прыняць удзел ва ўборцы тут, яна нават знайшла да каго далучыцца. Але паехаць так і не атрымалася ў той раз, зацягнула руціна.

Пры ўсім, да ўборкі сяброўка Наталлі падключыла і сваю сям'ю, у тым ліку шасцігадовага сына, маўляў, ён павінны вучыцца быць добрым чалавекам.
Трэніровачная вылазка па смецце
Вядома, што на пошуку людзей для ўборкі на дзень нараджэння справа не скончылася. Па словах Наталлі, у нейкі момант узнікла неверагодная колькасць пытанняў: дзе прыбірацца, як правільна збіраць, сартыраваць, хто пасля вывезе?
Неабходную і карысную інфармацыю ўдалося знайсці на сайце «Зробім!». А вось з месцам правядзенне былі пытанні, таму за дапамогай у яго пошуку было вырашана звярнуцца непасрэдна ў аргкамітэт руху.

Акрамя гэтага, Наталля разам з мужам вырашылі правесці невяліку трэніроўку і літаральна напярэдадні сваёй уборкі далучыліся да акцыі «Зробім!» ў вёсцы Юхноўка пад Мінскам.

– Мы шмат чаго ўзялі да ўвагі: як трэба і можна рабіць, пра што варта загадзя паклапаціцца, чаго лепш не дапускаць зусім, – дзеліцца Наталля. – У цэлым атрымалі задавальненне. Дзеці былі заняты на экскурсіі з аргнітолагам, а дарослыя з галавой сышлі ў звалкі... Нечым падобна, як па грыбы схадзіць, толькі тут смецце.
З Днём нараджэння, дарагая!
За некалькі дзён да запланаванай акцыі Наталлі сталі адпісваць знаёмыя і сябры, адмаўляючыся ад удзелу з прычыны то дрэннага надвор'я, то занятасці. Таму непасрэдна ў сам дзень сабралася пяць дарослых і двое дзяцей, якія разам адправіліся на прыборку на Мінскае мора.

– Мне пазваніла сяброўка, якая не так даўно нарадзілі і сказала, што ўсё ж адважылася ехаць разам са сваім немаўля, – кажа Наталля. У выніку актыўнага ўдзелу ў прыборцы маладая мама не прымала, але была не менш патрэбным удзельнікам каманды. – Непасрэдна на месцы яна глядзела за дзецьмі, нашымі рэчамі і пакетамі. Нам гэта вельмі дапамагло пагрузіцца ў працэс і не турбавацца па дробязях.

Перад уборкай Наталля з мужам правялі інструктаж для сваіх сяброў, тым больш, смецце было вырашана сартыраваць: збіраць асобна метал, шкло, пластык, які перапрацоўваецца і пластык не для перапрацоўкі, агульнае смецце. Па словах дзяўчыны, новай інфармацыі для іх было шмат, пачынаючы з таго, што шкляначку ад ёгурта здаваць у перапрацоўку бессэнсоўна – гэта, на жаль, проста смецце – і да таго, як правільна змінаць пластыкавыя бутэлькі.

– Нам было цяжка ўявіць, што будзе столькі смецця. Ты бярэшся за адну бутэльку, пад ёй глеба раскрываецца, а там... скрыня Пандоры... За дзве гадзіны мы прасунуліся ў лес на метраў 15-20. Вядома было цяжка і з мяшкамі – за сабой ты іх цягаць не будзеш, асабліва, калі залазіў у кусты. Таму даводзілася шмат бегаць туды-сюды, – распавядае Наталля. – І тое, што пакідаюць пасля сябе людзі – жах! Вельмі шмат шкла ад бутэляк з-пад алкаголю, аднаразавага посуду і тары з-пад прадуктаў, прадметаў гігіены, купальнікаў і плавак... Нас таксама здзівіла, што знахозілі абутак, але не патраплялася пары, куды ж дзеўся другі бацінак?..
У нейкім мамант, кажа дзяўчына, было жудасна, што яны могуць натыкнуцца на труп. Але самай страшнай знаходкай апынулася бутэлька, якая стала смяротнай пасткай для мышкі, што так і не змагла вылезці вонкі.

– Так атрымалася, што мы не разлічвалі на такія аб'ёмы смецця і думалі, што мяшкі спакойна пранясем кіламетр пабліжэй да сметніц... Але назбіралася 16 велізарных пакетаў і іх магло быць яшчэ больш, кажа Наталля. – Калі б кожны аматар адпачыць на прыродзе прыбраў пасля сябе, то не было такой праблемы. А адной кампаніі за раз прыбраць за дзесяццю – практычна не рэальна.
Па рэкамендацыі «Зробім!», акцыя павінна мець акрэсленыя межы сваёй працягласці – што значыць дакладны пачатак і канец. Наталля спрабавала ўвасобіць гэта ў жыццё, у нейкі момант аб'явіўшы пра канец уборкі і прапанаваўшы па дарозе назад атрымоўваць задавальненне ад наваколля, але на практыцы гэта аказалася немагчымым.

– Якую асалоду ад прыроды ты можаш атрымаць, калі вакол валяюцца бутэлькі і іншае смецце? І мая сяброўка не вытрымала, маўляў, яна не можа праходзіць міма, выпрасіла пусты пакет, які вельмі хутка напоўніла па дарозе да аўтамабіля. У выніку – гэта быў 17 пакет са смеццем, няхай і не рассартыраваным. Мы аб'явілі яе чымпіёнам нашай уборкі і няўрымслівай Соняй!, – смяецца Наталля.

У выніку людзі, якія так і не патрапілі на ўборку, усё ж сталі пагаджацца, што ідэя была добрай, і ўхваляць Наталлю цёплымі словамі. Відавочна сяброў крануў учынак дзяўчыны. Тым больш, што «свята» працягваецца, бо Наталля просіць сваіх знаёмых «уручаць» ёй падарункі ў выглядзе пакетаў са смеццем і надалей.

– Мне б хацелася, каб сябры працягнулі маю справу, паехалі і прыбралі тое, што мы не змаглі. Магчыма так і будзе... Ва ўсякім выпадку мы дакладна паедзем яшчэ, бо ўсім спадабаўся такі незвычайны і карысны адпачынак, – дзеліцца Наталля.
Дзяўчына ўпэўнена, што менавіта такімі павінны быць рэспубліканскія суботнікі, традыцыя якіх захавалася ў нашай краіне.

– Навошта выводзіць людзей прыбірацца там, дзе і так чыста? Трэба вывозіць на прыроду і выключна па добраахвотным жаданні, – кажа дзяўчына. – На жаль, мы ўсе спажыўцы і імкнемся наталіць свае патрэбы. А хацелася, каб з наваколля людзі чэрпалі толькі светлае і не забруджвалі планету, былі больш прыязнымі да яе.

25.05.2017
Аўтар: Хрысціна Чарняўская
«Зробім!» – частка сусветнага руху «Let`s Do It!», якое аб'ядноўвае 113 краiн и 16 мільёнаў валанцёраў. «Зробім!» каардынуе аргкамітэт, у які ўваходзяць прадстаўнікі установы «Цэнтр экалагічных рашэнняў», таварыства «Зялёная сетка», грамадскага аб'яднання «Мінскае роварнае таварыства». Мерапрыемства «Зробім!» праходзяць пры падтрымцы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

За дадатковай інфармацыяй звяртайцесь:
zrobimbelarus@gmail.com

+375 29 342 20 92 Хрысціна Чарняўская (для СМІ)
+375 29 114 15 47 Надзея Дубоўская (каардынацыя валанцёраў)
+375 29 129 16 10 Ганна Дапшэвiчуце (праца з партнёрамі)
+375 29 658 74 45 Яўген Лабанаў (супрацоўніцтва з дзяржорганамі)
Made on
Tilda