АРГАНІЗАТАРКА ЎБОРАК ГАННА МАРЗА: «ДЛЯ СЯБЕ ВЫРАШЫЛА ВЫХОДЗIЦЬ НА ЎБОРКI, НАВАТ КАЛI БОЛЬШ НIХТО НА IХ НЕ ПРЫЙДЗЕ»
На першую беларускую канферэнцыю «Зробім!» Аня Марза з Лунінца Брэсцкай вобласці прыехала са сваёй гісторыяй, маўляў, смецця ў родным горадзе шмат, а вось актыўных і апантанных людзей, гатовых выйсці і прыбрацца – не. Ды й да ўсяго, мала таго, што на ўборкі не выходзяць, яшчэ могуць і асуджаць такога кшталту актывізм.
Нягледзячы на ўвесь негатыў, апускаць рукі дзяўчына была не намерана. Заручыўшыся маральнай падтрымкай астатніх лакальных арганізатараў і аргкамітэту, Аня ўзялася за падрыхтоўку да сезону ўборак «Зробім!» 2017 года.
І на гэты раз яе і Лунінец чакаў поспех: на ўборку не толькі знайшліся валанцёры і СМІ, але і МНС дапамог з вывазам смецця.

Правесці ўборку на само адкрыццё сезона, 22 красавіка, не атрымалася з улікам усіх пераносаў працоўных дзён на выхадныя. Таму акцыя адбылася 29 красавіка!
Прыбіраць на гэты раз было вырашана старую брукаванку. Апошнім часам гэта месца карыстаецца асаблівай папулярнасцю ў вясельны сезон. Адпаведна застаеца шмат «святочнага» смецця: бутэлек і пластыкавых шкляначак.
Я напісала ў суполку «ВКонтакте» пра планы зладзіць уборку. Адразу ж адгукнуўся валанцёр, які з году ў год прыбірае разам са мной, а таксама журналістка з сайта «Медыя-Палессе». Акрамя гэтага, напісала людзям, якія праяўлялі інтарэс да акцыі восенню, але паўдзельнічаць так і не змаглі. Такім чынам назбіралася 5 чалавек.
тлумачыць Аня
Па словах арганізатаркі ўсе ўдзельнікі па жыцці апынуліся актыўнымі людзьмі. Напрыклад, Сяргей і Яўген – веласіпедысты, што ў свой вольны час арганізуюць велапаходы не толькі па раёну, але і па ўсёй Беларусі; Слава – пастаянны ўдзельнік усіх уборак; Максім – журналіст «Медыя-Палесся», які паспяваў не толькі фатаграфаваць для матэрыяла, але і непасрэдна прыбірацца.
Дарэчы, дзякуючы публікацыі на гэтым рэсурсе пра ўборку, у дзень акцыі з Аняй звязаліся супрацоўнікі МНС, прапанаваўшы аказаць дапамогу з вывазам смецця.
І сапраўды, пасля ўборкі два супрацоўніка МНС пад'ехалі на мікрыку і ўсё забралі. Таму можна лічыць, што ў нас было 7 удзельнікаў.
расказала Аня
З улікам, што ўдзельнікі засталіся вельмі задаволенымі праробленай працай і яе вынікамі, відавочна, на гэтым уборкі не скончацца. Адразу ж «усплыло» яшчэ некалькі месцаў, якія патрабуюць правядзення падобных акцыі. Актывісты нават паспелі прадумаць для некаторых фармат. Так, у планах зарганізаваць экалагічны weekend у фармаце невялікага летніка на вадасховішчы Велута, дзе, як сцвярджаюць веласіпедысты, шмат смецця на берагах.
Для сябе я цвёрда вырашыла выходзіць на ўборкі, нават калі ніхто больш на іх не прыйдзе. А вось прыцягваць школы, вызначылася, - не мой фармат. Бо, як мне падаецца, дзеці ўспрымаюць гэта ўсё як штосьці абавязковае, хаця з іншага боку – пачынаць прывіваць экапрыязны лад жыцця трэба з маленства. Відаць, усё залежыць ад арганізатара ў цэлым.
лічыць Аня
«Зробім!» – частка сусветнага руху «Let`s Do It!», якое аб'ядноўвае 113 краiн и 16 мільёнаў валанцёраў. «Зробім!» каардынуе аргкамітэт, у які ўваходзяць прадстаўнікі установы «Цэнтр экалагічных рашэнняў», таварыства «Зялёная сетка», грамадскага аб'яднання «Мінскае роварнае таварыства». Мерапрыемства «Зробім!» праходзяць пры падтрымцы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя

За дадатковай інфармацыяй звяртайцесь:
zrobimbelarus@gmail.com

+375 29 342 20 92 Хрысціна Чарняўская (для СМІ)
+375 29 114 15 47 Надзея Дубоўская (каардынацыя валанцёраў)
+375 29 129 16 10 Ганна Дапшэвiчуце (праца з партнёрамі)
+375 29 658 74 45 Яўген Лабанаў (супрацоўніцтва з дзяржорганамі)
Made on
Tilda